Архіў навін - Кохановская СШ
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

22.02.22

Беларускае слова ў маім жыцці – назаўсёды

Кожны год, 21 лютага, беларусы адзначаюць Дзень роднай мовы. Асабіста я ніколі не задумвалася, што значыць гэтае свята для мяне. Урачыстае святкаванне ў школе з песнямі, гульнямі і танцамі заўсёды бавіла мяне і аднакласнікаў, але астатняе не вельмі цікавіла. Так і сама беларуская мова для мяне была не большым за школьны прадмет. Аднак у старэйшых класах я здолела адкрыць для сябе мову нанова. Не тую, што большасць моладзі зараз ведае толькі па падручніках, што гучыць з вуснаў настаўніка раз на тыдзень, а тую, на якой я сама пачала гаварыць, думаць і чуць у паўсядзённым жыцці. Мова для ўсіх адна, але яе загадкавая таямніца хаваецца ў тым, з якімі пачуццямі мы ставімся да яе.

Больш за ўсё на маё стаўленне (павагу, любоў) да мовы Коласа і Купалы паўплываў удзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Я сустрэлася з бясконцай плённай працай, пазнаёмілася з вялікай колькасцю цікавых і апантаных мовалюбаў, што сталі маімі сябрамі, знайшла крыніцу натхнення і напісала свой першы твор на мове беларусаў. Натуральна, што часам апускаліся рукі, бо я сама не верыла ў свае сілы і талент, але мяне заўсёды падтрымлівала мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Бераснякова Жанна Леанідаўна. Я вельмі ўдзячна, што яна падзялілася са мной вялікай колькасцю глыбокіх моўных ведаў і простых жыццёвых мудрасцей.

Я знайшла беларускамоўную медыяпрастору, што поўніцца шматлікімі музычнымі гуртамі, творамі сучасных пісьменнікаў, фільмамі і відэаролікамі. Асабліва з'явілася зацікаўленасць ў літаратуры, бо яна дае глебу для разважанняў і фантазіі. Незаўважна для сябе прыйшло спасціжэнне глыбокіх нетраў мастацкіх твораў маіх землякоў- Уладзіміра Караткевіча і Міхася Зарэцкага. Вядома, гэта не тая літаратура, якую можназразумець адразу, але яна ўражвае і прымушае яшчэ доўга думаць аб прачытаным, смакуючы кожную аўтарскую цікавінку.

Для сваёй будучыні я выбрала зусім процілеглы філалогіі шлях - інфармацыйныя тэхналогіі. Але гэта ніяк не паўплывае на маё стаўленне да роднай мовы, бо яна стала важнай, неад’емнай часткай майго жыцця. Беларускае слова выклікае цеплыню і радасць, гонар і адказнасць за тое, каб быць разам з тымі, хто думае пра яе будучыню.

Сёння я , выпускніца рускамоўнай Коханаўскай школы, з дакладнасцю магу сказаць: Дзень роднай мовы не звычайнае свята, а напамін нам, беларусам, пра нацыянальную годнасць, пра каштоўны скарб, што моваю завецца. Нашы дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. Ці асмеліцца хто сёння занядбаць такое багацце? Таму шануйце і не забывайцеся, людзі беларускія, на роднае слова! Размаўляйце па-беларуску і не саромейцеся недасканалай гаворкі. Мова жыве там, дзе ёсць людское жаданне і палымянае сэрца.

Даша з сяброўкамі-пераможцамі Віцебшчыны, з якімі ў мінулым годзе прайшла нялёгкі, але багаты на падзеі шлях падрыхтоўкі да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры