Архив новостей - Кохановская СШ
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

14.04.2021

«Адкрываю, як свет, нанова беларускае роднае слова»

Менавіта гэтыя словы паэта, педагога і вучонага-літаратуразнаўцы Анатоля Канапелькі сталі для мяне дэвізам у гэтым навучальным годзе, калі маё жыццё шчодра ўзбагацілася скарбамі мовы Коласа і Купалы.

Безумоўна, у школеможна проста вучыцца, старанна асвойваючы праграму, каб атрымаць атэстат. Але мне пашчасціла патрапіць на нялёгкі, але надта цікавы шлях, непарыўна звязаны з напружанай штодзённай працай, з пастаянным імкненнем да самаўдасканалення і да новых вышынь. Менавіта яго выбіраюць апантаныя ўдзельнікі рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

Натуральна, што самаадданыя Настаўнікі імкнуцца прывіць вучням цікаўнасць і любоў да сваіх прадметаў. Асабіста я заўсёды праяўляла павышаны інтарэс да большай колькасці школьных дысцыплін, але доўга не магла знайсці той, які стаў бы для мяне стымулам для самаўдасканалення. Яшчэ два гады таму я, вучаніца рускамоўнай школы, і падумаць не магла, што беларуская мова стане для мяне большым, чым проста чарговы ўрок у навучальнай установе.

Дарогу ў свет роднага слова мне адкрыла мая любімая настаўніца Жанна Леанідаўна Бераснякова, за што я ёй вельмі ўдзячная. Без яе падтрымкі і багатага педагагічнага вопыту я і не адважылася б нават зазірнуць у чароўны, поўны таямніц, свет алімпіяды.

Асаблівую асалоду прыносіла мне сама падрыхтоўка, адчуванне таго, што я атрымліваю неверагодна вялікую колькасць новых ведаў. Свет беларускай мовы стаў для мяне асабліва цікавым і загадкавым. Нягледзячы на ўпартую працу, доўгі час я не магла трапіць у шэраг алімпіядных пераможцаў. Але адбыўся цуд! Першае месца на раённым этапе, другое – на абласным. З вялікай радасцю даведалася, што ўвайшла ў каманду Віцебшчыны, каб годна выступіць на апошнім, рэспубліканскім, этапе.

Цяжар адказназнасці не толькі за раён, але і за вобласць лёг на мае плечы. Таму пачаліся шматлікія зборы (анлайн і вочныя), штодзённыя заняткі. У лютым і сакавіку (сумарна два тыдні) у родным горадзе Шагала для пятнаццаці дзяўчынак з розных куточкаў Віцебшчыны была арганізавана плённая праца з лепшымі педагогамі нашай вобласці. З першага дня заняткаў я зразумела: будзе нялёгка, але нават думкі шкадаваць саму сябе не было. Толькі працаваць! Мы займаліся дзень і ноч. Разам з Любоўю Яўгенаўнай Лукашэнка, нязменным кіраўніком абласной каманды, шчыравалі над майстэрствам стварэння водгукаў. Прапанаваныя ёю вершы і празаічныя мініяцюры перавярнулі маё ўяўленне пра свет мастацкага літаратурнага слова.

Вельмі цікава было наведваць заняткі выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, якія ўзбагацілі нашы веды па мове да ўзроўню праграмы вышэйшай школы, дапамаглі паглыбіцца ў гісторыю беларускага слова. Самі зносіны з моваведамі, аўтарамі шматлікіх лінгвістычных выданняў і даследаванняў, кандыдатамі філалагічных навук, дацэнтамі кафедры беларускай мовы і літаратуры ўніверсітэта (Г. А. Арцямёнкам, А. С. Дзядовай, Ю. М. Бабічам, Г. К. Семяньковай) сталі ўзбагачэннем жыццёвага вопыту для нас, вучаніц, захопленых чароўным родным словам.

Яшчэ я знайшла шчырых сябровак, сціплых носьбітаў і аматараў беларускай мовы, з якімі мы неверагодна цікава і пазнавальна бавілі час. Іх стыль жыцця і зносін з’яўляюцца яскравым прыкладам таго, што беларуская мова – гэта не проста навука ці школьны прадмет, а неад’емная частка жыццёвых інтарэсаў сучаснай моладзі. Мы заўсёды дапамагалі адна адной, разам вучыліся, спрачаліся, шукалі адказы на складаныя пытанні выкладчыкаў, а таксама знаходзілі час для забаў і весялосці – іншымі словамі, нібыта сталі адной сям'ёй, жылі аднолькавымі інтарэсамі і дыхалі адным цудоўным беларускамоўным паветрам.

Зразумела, конкурс ёсць конкурс – і ганаровыя дыпломы пераможцаў заключнага этапу атрымалі не ўсе прэтэндэнты. На жаль, мне не хапіла зусім крыху да жаданай узнагароды. Аднак я дакладна ведаю: высакародная праца педагогаў, якія рыхтуюць удзельнікаў алімпіяд, незалежна ад дасягнутых іх выхаванцамі вынікаў з'яўляецца выдатным укладам у будучыню нашай краіны.

Словамі нельга нават апісаць, які ён, незвычайны свет алімпіяды. Мабыць, каб спасцігнуць гэты цуд, трэба паўдзельнічаць у ёй. Для мяне яна стала не конкурсам, а магчымасцю адчуць еднасць з людзьмі, з мовай, з Радзімай, зразумець маё ўнутранае «я». Таму шчыра раю ўсім старанным і неабыякавым вучням, якія яшчэ не спрабавалі свае сілы ў такога кшталту інтэлектуальных спаборніцтвах, абавязкова скарыстацца гэтай магчымасцю, каб нанова адкрыць для сябе свой любімы школьны прадмет і адчуць непаўторную атмасферу алімпіяды.

 Дар’я Макарэвіч,

вучаніца 10 класа ДУА "Коханаўская сярэдняя школа імя І.П. Кожара "